7 лістапада 2009 года. За шыбкамі ліе, як з тысячы боскіх цэбраў, халодны дождж. У горле захрас камяк рэспіраторных пакут. У Маскве парад з нагоды параду 1941 года. Да Мінску вочы не дайшлі. Да Менску не дайшло нічога. Я чатырнаццаць гадоў жыў у СССР. Я ніводнага разу не быў на дэманстрацыі ў гонар
Вялікага Кастрычніка. Дэманстрацыі самі прыходзілі ў хату праз чорна-белы «Гарызонт». На грабніцы Леніна стаялі састарэлыя
шумахеры - удзельнікі негалосных, але прыкметных
гонак на катафалках. Нашы мудрыя важдзі і военачальнікі. А па Краснай Плошчы ехалі дзіва-машыны з агромністымі ракетамі розных канфігурацый. Каб баяліся
чэрці амерыканскія. У размовах дарослых асаблівай святочнасці не адчувалася. Для іх гэта былі проста
акцябскія - выходныя дні. Прынамсі, Новы Год уважаўся за большае свята.
Апошнія сем гадоў майго побыту ў СССР дзень 7 лістапада для мяне яшчэ азначаў і хуткае завершанне восеньскіх вакацый. Трэба было рыхтавацца да вяртання ў школу, чаго я амаль заўсёды пабойваўся. Смялей было лайдачыць на канікулах і глядзець прыгодніцкія фільмы з добрымі
чыровнымі і кепскімі
белымі. Ці не апошнім фільмам падобнага зместу ў маім школьным дзяцінстве стаў колькісерыйны «Макар-следапыт» з галоўным героем падлеткам, які змагаўся з белагвардзейцамі разнастайнымі індзейскімі методыкамі. Хіба толькі скальпы не здымаў. Не паверыце, але і зараз перад вачыма адзін з такіх акцябскіх вакацыйных дзён. Тэлевізар паказвае кіно пра Макара. Я сяджу на крэсле, пастаўленым спінкай наперад. Канструкцыя спінкі дазволіла мне размесціць між дошчачкамі пластмасавы вагончык ад цацачнага цягніка. У вагончыку ляжаць скамячаныя з хлеба шарыкі і кавалачкі вэнджанай рыбы. Я гляджу на подзвігі Макара і, як чароўныя пігулкі, паглынаю ежу з вагончыка. Не падумайце, што так мяне кармілі бацькі. Гэта проста былі мае ўласныя дурыкі. Я дагэтуль люблю камячыць хлеб. А вось з рыбай нашыя шляхі разыйшліся.
Іншымі
акцябскімі дурыкамі было чытанне дзіцячага святочнага вершыка наадварот:
Прямо к небосводу
И летит мой красный шар -
Празднует свободу.
Весь народ и млад и стар
Там, где шли трамваи!
Видишь, музыка идет,
Пламенем пылая.
Въются флаги у ворот.
Все на улице красно!
Посмотри скорей в окно.
Красный день календаря!
День 7 ноября. Тады гэта здавалася вельмі вясёлым і выклікала смех. Зараз чытаю і не магу зразумець, што мяне і маіх брацікаў магло так насмяшыць. Іншы час - іншы квас. Зрэшты, старыя дрожджы ўсё яшчэ даюцца ў знакі.